В обязанности управления культуры входит реализация на территории города государственной политики в сфере культуры.

Литературная страничка Печать E-mail

Image

Алёна Міхайлаўна Беланожка  - рэжысёр, паэтка, пісьменніца, драматург - нарадзілася 17 студзеня 1985 года у Магілёве. Скончыла Магілёўскую сярэднюю школу № 5, Магілёўскае Дзяржаўнае вучылішча культуры імя Н.Крупскай, Беларускі Дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Працавала рэжысёрам Заслужанай Эстраднай Студыі “Вясёлыя ноткі”, рэдактарам і метадыстам па культурна-дасугавай дзейнасці Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу, рэжысёрам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вікторыя” Партызанскага раёна Мінска, рэжысёрам Нацыянальнага Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Тэатральныя пастаноўкі па сцэнарыях аўтара паказаныя на пляцоўках Магілёва і Мінска. Аўтар кінасцэнарыяў і тэкстаў песень беларускіх зорак эстрады.
Друкавалася ў часопісах “Маладосць” і “Верасень” (Беларусь),   “Лауреат” (Расія), газетах “Веснік Магілёва”, “Магілёўскія Ведамасці”, “Советская Белоруссия”, “Літаратура і Мастацтва”.

У 2014 годзе прыхільнікам маладой беларускай літаратуры не аднойчы прадставілася магчымасць пазнаёміцца з новымі празаічнымі творамі маладой пісьменніцы Алёны Беланожкі.

Па-першае, убачыла свет кніга “Чамадан з кракадзілавай скуры” – аповесць, якая ўпершыню выйшла ў часопісе “Маладосць у 2012 годзе. Цяпер у кожнага аматара сучаснай моладзевай беларускай літаратуры з’явіцца магчымасць мець не “часопісны варыянт”, а кнігу — як цаглінку шчасця, як сродак ад меланхоліі працяглага дзеяння, як падарунак на добры настрой.

Image

Тым часам, у часопісе “Маладосць” выйшлі новыя апавяданні пісьменніцы: у красавіцкім нумары, цалкам прысвечаным фантастыцы – навелы “Дзіця Зямлі” і “Зарні Ані”, а ў жнівеньскім – “Калі расплавіцца бурштын”, “Кава з цукрам” і “Намалюю табе горы” – узнёслыя, рамантычна-філасофскія апавяданні з захапляльным сюжэтам.

ImageImage

У дзясяты, юбілейны нумар часопіса “Верасень” увайшло апавяданне Алёны Беланожкі “Белы дом”.

Image

Нельга не ўзгадаць зборнік, які, без сумнення, будзе цікавы чытачам. Мінулае, сучаснае і будучае ў розных жыццёвых праявах з прысутным юнацкім максімалізмам так можна ахарактарызаваць асноўную тэматычную скіраванасць апавяданняў, якія склалі зборнік “Кахаць і верыць”. Яго аўтары – маладыя беларускія пісьменнікі. Творчасць Алёны Беланожкі прадстаўляюць у зборніку два фантастычныя апавяданні: “Гузік на шчасце” і “Місія “Сонца”.

Image 

Ізноў ты хварэеш,
мая чарнавокая муза,
І марыш аб моры, што скалам балады пяе.
На сцёртым вініле паскрыпвае голас Каруза.
У пальцах адчайна
заходзяцца нервы мае.

Я іх размінаю:
у дзежку муку высыпаю,
Каб вымесіць цеста
і рукі сагрэць аб яго.
Я хлеб выпякаць пачынаю; ён з водарам раю,
Але саланейшы за мора
ад поту майго.

У ім не знаходзяць ні людзі, ні я
асалоду.
Ты бохан ламаеш
і робіш сваё адкрыццё:
Ты кажаш, што хлеб мой чароўны,
ён з прысмакам ёду,
А вершы, нібыта замовы, вяртаюць жыццё.

…Знудзіўся стары перавозчык
на беразе Леты.
Ён смаліць цыгарку, задумліва сушыць вясло
І ціха крыўдуе
на тых маладых прайдзісветаў,
Што лечаць хваробы
салёнымі скібамі
слоў.

11лют2009

****

Я цікую праз вокны, як дзіды старых кіпарысаў
Колюць нізкае неба
У пошуках жмені дажджу.
Вочы мружацца самі ад водбліскаў горных абрысаў.
Мне надзіва ахвота захутаць сябе ў паранджу

І схавацца ад рук непрыстойнай паўднёвае спёкі
У якім-небудзь бары, дзе сок называецца “джус”…
Зноў пускаюцца дзеці ад шумнага мора наўцёкі,
А яно выкідае на сонца празрыстых мядуз.

На ўзбярэжжы мільгаюць шыкоўныя кліпсы і кліпы.
Гэта царства заможнасці; кожны – пры модным кляйме…
Мне тут месца няма: я сумую па квецені ліпы
І па тым, хто застаўся ў маёй беларускай зіме.
29.07.2010

ФЛІКЕР

На руку надзяваю флікер,
Каб упоцемку
На шашы
Ратавальнай маланкай блікі
Прыпынялі хаду машын.

Па сумётах чужых узбочын
Ціха крочу
Сярод завей.
З жарала невычэрпнай ночы
Сцюжа кідае белых змей.

Атрымаўшы сняжок, як кулю,
У святле незнаёмых фар -
Я флікую табе, флікую,
Я шукаю твой любы твар…

Забываюся аб пагрозе
Легчы ў склеп пад цяжар пліты.
Сто разоў на адной дарозе
Размінуліся я і ты!

Ты мяне за сабой не клікаў,
Бо не бачыў у гэтай цьме…
Я прышыю да сэрца – флікер…
Ты заўважыш яго
Ці не?

****

Ты міленькі мой, адзіны дружок,
Я сатку табе, сатку рушнічок,
Белы-белы, бы таполевы пух,
Мяккі-мяккі, быццам травеньскі луг.

Як збярэшся ты пакінуць наш дом,
Хай рушнік гасцінцам ляжа на дол:
Не саб’ешся ты з абраных шляхоў,
Павандруеш і прыедзеш дамоў…

Як прыедзеш, зробіш крок на парог -
У чырвоны кут павесь рушнічок,
Ад сябе дарожны пыл адгані,
Распраніся і на лаве засні…

А як Граная нядзеля міне –
Ты накінь той рушнічок на мяне,
Я вазьму, яго ў рацэ адбялю,
Я грахі твае сама замалю…

Ты міленькі мой, адзіны дружок,
Незвычайны гэты быў рушнічок:
Я, калі мяне ты кідаў адну,
Навучылася ткаць лёсы з ільну…

****

Сонца маё!
Я цябе адбіраю ў адлігі,
У тваіх інстытутак,
Старэйшай сястры і сяброў.
Сонца маё!
Што ты кажаш, узнёслы і ціхі,
Пад няспынным наглядам
Цікаўных начных ліхтароў?
Сонца маё!
Я зусім не чароўная фея:
Я не з казкі прыйшла,
Я ляцела сюды на таксі.
Я чужыя жаданні
Выконваць
Пакуль што не ўмею.
Зразумей і змірыся,  і цуду ў мяне не прасі.
Сонца маё!
Да мяне ты прывыкнеш патрошку
І прышпіліш да лацкану
Бэзавы круглы значок…
Сонца маё!
Я табе не пастаўлю “падножку”!
Сонца маё!
Я табе падстаўляю плячо.
Заспяваюць для нас
Выканаўцы з пярэстых экранаў.
Гэты горад навокал –
Нібыта малюнак шпалер…
Не бывае ў жыцці
Выпадковых каханняў, расстанняў,
А калі і бываюць –
То гэта не з намі, павер!
Сонца маё!
Хай узнімецца вецер паволі
І закружыцца лісце,  а з лісцем – мая галава…
Сонца маё!
У цябе ёсць адзіная роля:
Проста ззяй для мяне.
Я святлом гэтым буду жывая.

Маналог на магіле Максіма Багдановіча

Максім,
Я прыехала ў Крым,
Паклаўшы ў заплечнік вянок.
На ялцінскі цёплы граніт
Баюся ступіць без абутку.
Я трызніла Крымам, Максім,
Паўднёвым загарам шчок,
Цяпер, як я стала пры ім -
Жадаю пазбавіцца смутку.

Мне хораша тут хадзіць,
Далонню кранаць платаны,
Дзівіцца на мастакоў
І слухаць аркестр цыкад.
І, можа, мяне тут сніць
Мужчына, мной не спатканы…
Пытаю сябе ізноў:
Ці хочацца мне назад?

Максім,
Мне марская сінь
І соль - выядаюць сэрца.
Каханне не прадаецца?
Прадаць яго - трэба ўмець…
Тут гандаль даецца ўсім,
Максім;
Хваля аб ногі трэцца –
Ашчаднаму чалавецтву
Сябе прадае за медзь.

Злічыўшы кожны мой крок,
Мора ўздыхне былінна,
Даверыцца незнаёмаму
Пісьменніцкаму пяру.
Паэтка нясе вянок
З прысвіслацкіх гонкіх галінак –
Траецкае шчасце сваё
Не выпускае з рук.

Вазьміце яго, Максім,
І пойдзем глядзець на яхты,
На лайнеры ў дзесяць паверхаў…
Тут не бывае прыліў?
А ведаеце, Максім,
Мой прадзед быў з польскай шляхты.
Ён жыць на мора б не з’ехаў.
Ён мяне б асудзіў.

А мне –
Не сорамна, не.
У мяне на вакне
Стаіць малако
У глечыку…
Максім,
Я прыехала ў Крым
З “Вянком” у заплечніку.
30.07.2010

 

Жаваронкі

Напрадвесні пякуць "жаваронкаў"
Пад узрушаны сокат сарок.
Шчодра льецца з расчыненых вокнаў
Пах ванілі
І гоман жанок.

Іх размовы аб гудзе ў народзе
Ды аб новых сукенках з ільну -
Лён у модзе,
Як раптам у модзе
Ўваскрашаць з небыцця даўніну:

Піць з крыніц, аднаўляючы сілы,
Плесці з тонкай саломкі ажур,
І хадзіць да дзядоў на магілы,
І нявесту саджаць на дзяжу...

І жанкі завіхаюцца жвава,
Бы змаганне вядуць між сабой,
Атрымаўшы законнае права
Што ні раз
Бавіць час варажбой...

Спяць у шафы прыбраныя футры.
Доўгі сон! - да зімовай пары...
Сонца танчыць падыспань на цукры.
Спакваля тае снег на двары,

А над снегам пад заклікі дружак
Узлятаюць у неба ізноў
Сорак жоўценькіх печыўных птушак -
Самай ранняй вясны вестуноў.

Спеў сябровак вясёлы і звонкі.
Гаспадынька ў нябёсы глядзіць:
- Вы ляціце, мае "жаваронкі"!
Чым вышэй - тым шчаслівей мне быць!

****

Варожана-пераварожана –
Я каву піла
І воск ліла…
Глядзела ў люстэрка
Насцярожана,
А навокал мяне
Зіма мяла.
Па шыю
Загрэзнула ў амфібрахіі,
Ад будучых жахаў жадала ўцекчы
І Вялікую Кнігу Белай Магіі
Без ценю сумнення спаліла ў печы.
Зашапчу на ваду – і ў сваім адбітку
Ізноў саму сябе не пазнаю…
З мяне не сталася
Варажбітка,
Ды й вядзьмарка з мяне благая…
Мой лёс прадказаны, наканаваны,
Здаваўся найгоршай з усіх атрут!
А ты з’явіўся, зачараваны,
Пастукаў у дзверы, сказаў: “Я тут.”
Моўчкі дзіўлюся на пакутнага…
Як мне цябе – адваражыць?
Лічы, з сярэдзіны мінулага лютага
Мой крыштальны шар
Разбітым ляжыць…

****

Жыві, як можаш.
Сам сябе адварожыш,
Мне не хапае слоў.
Мне не патрэбны шар.
Коцяцца зоркі па небе,
Бы сотні крыштальных шароў,
І ў кожнай зорцы
Я назіраю твой твар…

 

 
« Пред.   След. »